АвтоАвтоматизацияАрхитектураАстрономияАудитБиологияБухгалтерияВоенное делоГенетикаГеографияГеологияГосударствоДомДругоеЖурналистика и СМИИзобретательствоИностранные языкиИнформатикаИскусствоИсторияКомпьютерыКулинарияКультураЛексикологияЛитератураЛогикаМаркетингМатематикаМашиностроениеМедицинаМенеджментМеталлы и СваркаМеханикаМузыкаНаселениеОбразованиеОхрана безопасности жизниОхрана ТрудаПедагогикаПолитикаПравоПриборостроениеПрограммированиеПроизводствоПромышленностьПсихологияРадиоРегилияСвязьСоциологияСпортСтандартизацияСтроительствоТехнологииТорговляТуризмФизикаФизиологияФилософияФинансыХимияХозяйствоЦеннообразованиеЧерчениеЭкологияЭконометрикаЭкономикаЭлектроникаЮриспунденкция

Сакрэт Герміёны

Читайте также:
  1. Богарт у шафе
  2. Вогненная страла
  3. ВУЧЭБНА-МЕТАДЫЧНАЯ КАРТА
  4. Гарады, гандаль, транспартная сістэма.
  5. Гары Потар і таемны пакой.
  6. Дакументы справаводства савецкага часу.
  7. Дзіравы кацёл
  8. Дыягон Алея
  9. Забаронены лес
  10. Знікненне Тлустай Пані
  11. Квідытч
  12. Кіпцюры і Гарбата

 

- Жахлівыя справы... я ў абурэнні... гэта цуд, што аніхто не памёр... спрадвеку падобнага не здаралася, гэта як... гром сярод яснага неба, якое шчасце, Снэйп, што вы былі там...

- Дзякую, міністр.

- Ордэн Мэрліна другой ступені, думаю так. А калі прыкласці намаганні - і першай!

- Я сапраўды вам, шчыра дзякую, міністр.

- Ваша гідкая рана... мяркую, гэта справа Блэка?

- На самой справе, гэта былі Потэр, Візлі і Грэйнджар, міністр...

- Не!

- Блэк зачараваў іх, я адразу ж гэта заўважыў. Калі меркаваць па іх паводзінах, гэта была падманлівая замова “Канфундус”. Здаецца, ён прымусіў іх лічыць, што можа быць невінаватым. Яны не адказвалі за свае паводзіны. З іншага боку, з-за іх умяшальніцва, у Блэка была добрая магчымасць збегчы... здаецца, яны папросту вырашылі злавіць яго самастойна. Дагэтуль ім шмат што сходзіла з рук... баюся, гэта стала прычынай іх празмерна высокіх думак аб сабе... асабліва ў Потэра, якому дырэктар даў завялікую волю...

- А, ну так, Снэйп... Гары Потэр, вы ж ведаеце... мы заўжды заплюшчваем вочы на тое, што яго датычыцца.

- Але... ці заслугоўвае ён, гэткага спецыяльнага стаўлення да яго асобы? Напрыклад, я адношуся да яго, як да любога іншага вучня. Любы навучынец быў бы неадкладна выгнаны са школы... як мінімум за тое... што паставіў пад гэткую небяспеку сваіх сяброў. Глядзіце, міністр: ён дзейнічаў супраць усіх школьных правіл... і гэта, улічваючы тое, што меры засцярогі былі прыняты менавіта дзеля яго бяспекі, а ён... быў ноччу па-за межамі школы ды яшчэ размаўляў пры гэтым з ваўкалакам і забойцам... Больш таго, у мяне ёсць падставы меркаваць, што ён, акрамя ўсяго, незаконна наведваў Хогсмід...

- Ну, ну... паглядзім, Снэйп, паглядзім... хлапчук хутчэй за ўсё, папросту зглупіў...

Гары ляжаў, моцна заплюшчыўшы вочы і прыслухоўваўся. Ён адчуваў вялікую слабасць. Словы, што ён чуў, здавалася, вельмі павольна ішлі ад вушэй да яго мозгу, таму зразумець што-небудзь было вельмі цяжка. Ён адчуваў сябе так, быццам яго рукі і ногі наліліся свінцом, а павекі былі настолькі цяжкімі, што было немагчыма расплюшчыць вочы... Гары жадаў толькі аднога, ляжаць у гэтым далікатным ложку, заўжды...

- Што мяне здзівіла больш за ўсё, дык гэта паводзіны дэментараў... Снэйп, вы сапраўды не ведаеце, хто адагнаў іх?

- Ані, міністр. Калі я апрытомнеў, яны ўжо разыходзіліся на свае месцы, ля ўваходаў...

- Неверагодна. Я разумею – Блэка, а Гары, а дзяўчынку...

- Калі я дабег да іх, яны ўжо былі знепрытомленымі. Я першым чынам звязаў Блэка, а потым выклікаў насілкі і даставіў іх усіх у замак.

Яны сціхлі. У гэты момант Гарын мозг, здавалася пачаў працаваць крыху хутчэй, і ў яго засмактала ў жываце з голаду...

Ён расплюшчыў вочы.

Навокал усё было злёгку размытым. Нехта зняў з яго акуляры. Хлопчык ляжаў у цёмным шпітальным крыле. У іншым кутку палаты Гары заўважыў мадам Помфрэ, што стаяла спіной да яго, схіліўшыся над нечым ложкам. Гары прыжмурыўся. З-за рукі лекаркі ён заўважыў рудыя валасы Рона.

Гары павярнуў галаву ў іншы бок. Праваруч яго ў ложку, асветленая месячным святлом, ляжала Герміёна. Яе вочы таксама былі расплюшчаныя. Герміёна ляжала, бы скамянелая, але заўважыўшы, што Гары таксама не спіць, прыціснула палец да вуснаў, а потым паказала на дзверы, што выходзілі ў калідор. Яны былі крыху прыадчыненыя, і адтуль чуліся галасы Карнэліюса Фаджа і Снэйпа.

Мадам Помфры рушыла па палаце да гарынага ложка. Ён павярнуў галаву і паглядзеў на яе. Лекарка несла яму самую вялікую плітку шакаладу, якую ён бачыў у сваім жыцці. Яна больш нагадвала невялічкі валун.

- О, ты прачнуўся!- жыва прамовіла яна і пачала невялічкім малаточкам разбіваць плітку на асобныя кавалкі.

- Як там Рон?- адначасова спыталіся Гары і Герміёна.

- Жыць будзе,- змрочна адказала лекарка.- А што датычыцца вас двух, вы застанецеся тут, пакуль я не буду задаволена вашым станам... Потэр, ты куды сабраўся?

Гары сеў у ложку, апрануў акуляры і ўзяў у рукі палачку.

- Мне трэба пабачыцца з дырэктарам,- адказаў ён.

- Потэр,- супакойваючы яго, прамовіла мадам Помфры,- усё файна. Блэка схапілі. Ён зараз замкнёны ў адным з верхніх пакоеў. З хвіліну на хвіліну аб’явяцца дэментары, каб выканаць пацалунак...

- ШТО?!

Гары, а следам за ім Герміёна скочылі з ложкаў. Але крык хлопца быў пачуты ў калідоры і ў наступнае імгненне ў палату ўварваліся Карнэліюс Фадж і прафесар Снэйп.

- Гары, Гары, што здарылася?- усклікнуў заклапочаны Фадж.- Ты павінен быць у ложку... вы далі яму шакаладу?- трывожліва спытаўся ён у мадам Помфры.

- Слухайце, міністр!- прамовіў Гары,- Сірыюс Блэк не вінаваты! Пітэр Пэцігру інсцэніраваў уласную смерць! Мы яго сёння бачылі! Вы не павінны дазваляць, каб дэментары, выканалі над Сірыюсам...

Але Фадж толькі пакруціў галавой з лёгкай усмешкай на твары.

- Гары, Гары, у тваім розуме ўсё пераблыталася, ты перажыў моцныя выпрабаванні, так што зноўку кладзіся ў ложак. Зараз у нас усё пад кантролем...

- ВЫ НЕ РАЗУМЕЕЦЕ!- пралямантаваў Гары,- ВЫ СХАПІЛІ НЕ ТАГО ЧАЛАВЕКА!

- Калі ласка, міністр, паслухайце,- Герміёна паспяшалася ўстаць паблізу Гары і ўмольваючы, паглядзела Фаджу ў твар,- я таксама яго бачыла. Пэцігру, ён анімаг, ён прыкідваўся ронавым пацуком і...

- Бачыце, міністр?- прамовіў Снэйп.- Абодва пад уздзеяннем Канфундуса... Блэк добра папрацаваў з імі...

- НЯМА НАД НАМІ ЎЗДЗЕЯННЯ АНІЯКАГА КАНФУНДУСА!- зароў Гары.

- Міністр! Прафесар!- сувора сказала мадам Помфры.- Я раю вам неадкладна пакінуць палату. Потэр – мой пацыент, і ён не павінен хвалявацца!

- Я не хвалююся, я толькі спрабую сказаць ім, што насамрэч здарылася!- разлютавана прамовіў Гары.- Калі б яны выслухалі...

Але мадам Помфры нечакана запхнула ў гарын рот вялізны кавалак шакаладу. Хлопец затыкнуўся, і лекарка, скарыстаўшыся магчымасцю, паклала яго ў ложак.

- Калі ласка, міністр, гэтым дзецям патрэбны супакой. Пакіньце...

Дзверы зноўку адчыніліся і ўвайшоў Дамблдор. З вялізным намаганнем, Гары праглынуў шакалад і зноўку падняўся на ногі.

- Прафесар, Дамблдор, Сірыюс Блэк...

- Дзеля ўсяго святога!- істэрычна ўсклікнула мадам Помфры.- Гэта шпітальнае крыло, ці што? Дырэктар, я настойваю...

- Мае прабачэнні, Попі, але мне неабходна пагаманіць з містэрам Потэрам і міс Грэйнджар,- спакойна прамовіў Дамблдор.- Я толькі што бачыўся з Сірыюсам Блэкам...

- Мяркую, ён распавёў вам тую ж казку, якую ўклаў у свядомасць Потэру?- з лютасцю прамовіў Снэйп.- Нешта аб пацуках і жывым Пэцігру...

- Так, менавіта гэта ён мне і распавёў,- адказаў Дамблдор і зірнуў на Снэйпа праз свае акуляры ў форме дзвюх паўмесацаў.

- А мае словы што, не маюць аніякага сэнсу?- гыркнуў Снэйп.- Я не бачыў у “Лямантуючай Халупе” аніякага Пітэра Пэцігру і нават якіхсьці прыкмет яго існавання.

- Таму, што вы ў той момант ужо былі непрытомныя, прафесар!- шчыра прызналася Герміёна.- Вы аб’явіліся зарана і не ўбачылі...

- Міс Грэйнджар, ЗАШЫЙЦЕ СВОЙ ЯЗЫК!

- Чакайце, Снэйп,- перапужана прамовіў Фадж,- У юнай ледзі блытаніна ў розуме, нам трэба ўлічваць гэта...

- Я хацеў бы пагаманіць з Гары і Герміёнай сам-насам,- рэзка сказаў Дамблдор,- Карнэліюс, Северус, Попі... ці вы не маглі пакінуць нас.

- Дырэктар!- прабалбатала мадам Помфры.- Ім неабходна лекаванне! Ім неабходна адпачыць...

- Гэта не можа чакаць,- мовіў Дамблдор.- Я настойваю.

Мадам Помфры сціснула вусны і адышла ў свой кабінет напрыканцы палаты, моцна ляпнуўшы пры гэтым дзвярыма. Фадж выцягнуў з камізэлькі залаты гадзіннік на ланцужку і паглядзеў на яго.

- Дэментары ўжо павінны былі аб’явіцца, пайду сустрэну іх. Дамблдор, спадзяюся, пабацыць вас наверсе.

Ён падышоў да дзвярэй і трымаў іх адчыненымі дзеля Снэйпа, але той не варушыўся.

- Вы, спадзяюся, не паверылі аніводнаму слову з гісторыі Блэка?- прашапатаў ён, гледзячы ў твар Дамблдору.

- Я жадаю паразмаўляць з Гары і Герміёнаю сам-насам,- паўтарыў Дамблдор.

Снэйп наблізіўся да дырэктара.

- Сірыюс Блэк паказаў свае здольнасці да забойства яшчэ ў шаснаццаць,- задыхнуўся Снэйп,- ці не забыліся вы пра гэта, дырэктар? Не забыліся, што аднойчы ён паспрабаваў МЯНЕ забіць?

- Мая памяць гэткая ж добрая, як і ў маладосці,- спакойна адказаў Дамблдор.

Снэйп развярнуўся на абцасах і рушыў праз дзверы, якія Фадж усё яшчэ трымаў расчыненымі. Дзверы зачыніліся і Дамблдор павярнуўся да Гары і Герміёны. Яны адначасова загаманілі.

- Прафесар, Блэк кажа праўду... мы самі бачылі Пэцігру...

-... ён збег, калі прафесар Люпін перавараціўся на ваўкалака...

-... ён сам пераварочваецца на пацука...

-... на яго пярэдняй лапе, ой, у сэнсе руцэ не хапае пальца, ён сам яго адрэзаў...

-... і гэта Пэцігру напаў на Рона, а не Сірыюс...

Але Дамблдор падняў руку, каб спыніць іх словапад.

- Цяперча ваша чарга слухаць і прашу не перапыняць мяне, бо ў нас замала часу,- спакойна прамовіў ён.- Акрамя вашых слоў не існуе іншых доказаў у падтрымку гісторыі Блэка... тым больш, што словы двух трынаццацігадовых чараўнікоў анізашмат каго пераканаюць. Поўная вуліца сведкаў клялася, што на ўласныя вочы бачыла, як Сірыюс забівае Пэцігру. Я сам у свой час даваў у міністэрстве паказанні наконт таго, што Блэк быў Сакрэтным ахоўнікам Потэраў.

- Яе можа пацвердзіць прафесар Люпін...- сказаў Гары, не ў сілах стрымліваць сябе.

- Прафесар Люпін зараз недзе глыбока ў Забароненым лесе і не ў сілах штось паведаміць. А калі ён зноў перавараціцца на чалавека, будзе ўжо запозна, і Сірыюс будзе горш за мерцвяка. Дадам, што сярод чараўнікоў ваўкалакі маюць настолькі моцны недавер, што яго доказы будуць мець мізэрны ўплыў... да таго ж, яны з Сірыюсам старыя сябрукі...

- Але...

- ПАСЛУХАЙ МЯНЕ, ГАРЫ. Зразумей мяне, ужо занадта позна. І ты сам бачыш, што версія падзей ад прафесара Снэйпа значна пераканаўчая за тваю.

- Ён жа ненавідзіць Сірыюса,- у адчаі прамовіла Герміёна.- І ўсё з-за таго дурнога жарта, што Сірыюс колісь сатварыў з ім...

- Сірыюс таксама вёў сябе не як невіноўны чалавек. Ён напаў на Тлустую Пані... пранік у Грыфіндорскую вежу з нажом... без Пэцігру, жывога ці памерлага ў нас няма шанцу аспрэчыць прысуд Сірыюса.

- Але вы верыце нам.

- Так, я веру,- спакойна працягваў Дамблдор,- але я не маю ўлады, каб паказаць астатнім праўду ці аспрэчыць загад міністра па магічных справах...

Гары паглядзеў на гэты суворы твар і адчуў, як быццам зямля плыве з-пад яго ног. Ён звыкся з думкай, што Дамблдор у стане вырашыць усё. Ён чакаў, што Дамблдор прама з паветра выне якоесь рашэнне. Але не... іх апошняя надзея згублена.

- Што нам зараз патрэбна больш за ўсё,- павольна сказаў Дамблдор і яго блакітныя вочы перамясціліся з Гары на Герміёну,- крыху больш ЧАСУ.

- Але...- пачала Герміёна. І тут яе вочы моцна пашырыліся.- АЁЙ!

- А зараз, слухайце ўважліва,- прамовіў Дамблдор вельмі ціха, але вельмі выразна.- Сірыюс зачынены на восьмым паверсе ў кабінеце прафесара Флітвіка. Гэта трынаццатае вакно справа ад Заходняй вежы. Калі ўсё атрымаецца, вы зможаце ўратаваць не адно нявіннае жыццё. Але абодва памятайце: “Вас ніхто не павінен бачыць”. Міс Грэйнджар, вы ведаеце закон і... ведаеце, пра што ідзе гаворка... Вас... аніхто... не... павінен... бачыць.

Гары не мог зразумець, што тут адбываецца. Дамблдор павярнуўся, на абцасах падышоў да дзвярэй і зноў павярнуўся.

- Я збіраюся зачыніць дзверы пакою. Зараз,- ён зірнуў на гадзіннік,- пяць хвілінаў да апоўначы. Міс Грэйнджар, думаю трох круткоў павінна хапіць. Поспехаў.

- Поспехаў?- прамармытаў яго словы Гары, калі дзверы за Дамблдорам зачыніліся.- Трох круткоў? Аб чым ён казаў? Што мы павінны зрабіць?

Тым часам Герміёна штось нязграбна імкнулася намацаць за каўнерам сваёй мантыі. Нарэшце адтуль паказаўся вельмі танюткі і неверагодна доўгі залаты ланцужок.

- Гары, ходзь сюды,- шпарка прамовіла яна,- Хуценька, хуценька!

Гары ў моцным здзіўленні кінуўся да яе. Герміёна цяпер трымала ланцужок у руках, а на яго канцы матляўся маленечкі, зіхатлівы пясочны гадзіннік.

- Ну..?

Яна накінула ланцужок і на яго шыю.

- Гатовы?- прашапатала яна.

- Што мы збіраемся рабіць?- спытаўся, неверагодна разгублены Гары.

Герміёна тры разы крутанула пясочны гадзіннік.

Цёмная палата растварылася. У Гары ўзнікла адчуванне, што ён вельмі хутка ляціць кудысь спіною наперад. Міма яго несліся размытыя фарбы і абрысы, а ў вушах шалёна грукатала. Ён паспрабаваў закрычаць, але не пачуў уласнага голасу...

Нарэшце ён адчуў пад нагамі цвёрдую глебу, і ў яго атрымалася сфакусіраваць зрок...

Яны стаялі ў апусцелым Вестыбюлі, мазаічная падлога якога асвятлялася залатымі праменьчыкамі сонца, што ўрываліся туды праз адчыненыя дзверы галоўнага ўвахода. Ён ашалела павярнуў галаву да Герміёны і ланцужок разануў яго па шыі.

- Герміёна, што..?

- Сюды!- Герміёна схапіла Гары за руку і пацягнула праз увесь Вестыбюль да каморы, дзе трымаліся разнастайныя прылады дзеля прыбірання. Яна расхінула дзверы каморы, штурхнула Гары кудысь сярод вёдраў і швабраў, забралася туды сама і зачыніла дзверы.

- Што... як... Герміёна, што тут дзеіцца?

- Мы перамясціліся ў часе,- прашапатала Герміёна, у цямрэчы здымаючы ланцужок з Гарынай шыі,- на тры гадзіны таму...

Гары намацаў сваю нагу і моцна шчыпануў сябе. Пякучы боль ўпэўніў яго ў тым, што ён не знаходзіцца ў нейкім неверагодным сне.

- Але...

- Шшш! Слухай! Хтось ідзе! Гэта, напэўна... гэта, напэўна, мы!

Герміёна прыціснула вуха да дзвярэй.

- Крокі прайшлі праз Вестыбюль... так, думаю, гэта мы, ідзем да Хагрыда!

- Ты зараз сцвярджаеш,- прашапатаў Гары,- што мы знаходзімся адначасова і тут і там?

- Так,- адказала Герміёна, па-ранейшаму прыціскаючы вуха да дзвярэй.- Упэўнена ў тым, што гэта менавіта мы... чутна не больш за тры пары ног... і крокі даволі павольныя, бо мы ідзем пад мантыяй-невідзімкай...

Яна сцісхла, працягваючы ўважліва, прыслухоўвацца да таго, што дзеіцца звонку.

- Мы крочым уніз па сходах...

Дзяўчынка прысела на перагорнутае вядро, гледзячы надзвычай занепакоена. Гары патрабаваў адказу на колькі пытанняў.

- Дзе ты набыла гэты пясочны гадзіннік?

- Гэта не пясочны гадзіннік, гэта часакрут,- прашапатала Герміёна,- мне дала яго на пачатку года прафесарка МакГонагал. Я карысталася ім на працягу ўсяго году, каб паспяваць на ўсе свае заняткі. Прафесарка прымусіла мяне паклясца, што я анікому пра гэта не распавяду. Каб я магла ім карыстацца, ёй прыйшлося пісаць купу разнастайных лістоў у Міністэрства магіі. Ёй трэба было даказаць міністэрству, што я ўзорны вучань і ніколі не скарыстаюся ім анідзеля чаго акрамя вучобы... Я перакручвала яго на гадзіну таму і такім чынам паспявала наведваць колькі заняткаў адначасова, вось. Але...

- Гары, я не разумею, што ад нас жадае Дамблдор? Чаму ён сказаў нам вярнуцца на тры гадзіны? Якім чынам гэта дапаможа Сірыюсу?

Гары ўтаропіўся ў яе змрочны тварык.

- Пэўна, ён жадае ўнесці сякія-такія змены ў тое, што адбываецца зараз,- павольна адказаў ён.- А што зараз адбываецца? Тры гадзіны таму мы пайшлі да Хагрыда...

- Так,- прамовіла Герміёна. Тры гадзіны таму, то бок зараз, мы пайшлі да Хагрыда. І мы толькі што самі гэта чулі...

Гары надзьмуўся, здавалася, ён адчуваў, як сціснуўся ад сканцэнтраванасці яго мозг.

- Дамблдор сказаў нам... сказаў, што мы можам уратаваць не адно нявіннае жыццё...- і тут ён здагадаўся.- Герміёна, мы збіраемся ратаваць Бакбіка!

- Так, але... як гэта можа дапамагчы Сірыюсу?

- Дамблдор расказаў нам... ён расказаў, дзе знаходзяцца вокны кабінета прафесара Флітвіка! Сірыюс замкнёны там! Мы паляцім і ўратуем Сірыюса! Сірыюс сядзе на Бакбіка і... яны ўцякуць разам!

Гары не мог добра бачыць твар Герміёны, але і так разумеў, што яна перапужана.

- Калі ў нас атрымаецца зрабіць усё так, каб нас ніхто не ўбачыў гэта будзе цудам!

- Але мы ўсё роўна павінны паспрабаваць, ці не так?- прамовіў Гары, выпрастоўваючыся і прыціскаючы вуха да дзвярэй.

- Здаецца, там нікога няма... давай, хадзем...

Гары штурхнуў дзверы. Звонку анікога не было. Ціха і хутка, як толькі маглі, яны выбраліся з каморы, прайшлі праз Вестыбюль і спусціліся ўніз па каменных прыступках. Цені ўжо пачыналі падаўжацца, а вяршыні дрэў Забароненнага леса ўсё больш і больш заласціліся праменнем заходзячага сонца.

- А калі хтось паглядзіць у вакно?- піскнула Герміёна, азіраючыся на замак за спіною.

- Мы зробім так, каб нас ніхто не заўважыў.- рашуча прамовіў Гары.- Трэба адразу бегчы да Забароненага леса. А там схавацца за дрэвамі і сачыць за тым, што дзеіцца з-за іх...

- Добра! Але пойдзем вакол цяпліц!- ледзь дыхаючы, сказала Герміёна.- Нам трэба добра бачыць дзверы Хагрыда, але так, каб мы самі нас не пабачылі! Мы, пэўна, ужо дабраліся да хаціны!

Моўчкі абдумаўшы тое, што сказала яму Герміёна, Гары кінуўся з месца, а дзяўчынка пабегла следам за ім. Яны ашалела прамінулі градкі з гароднінай, за імі цяпліцы, потым супыніліся на хвілінку і зноўку прыпусцілі хутка, як толькі маглі. Агінулі пасаджаную на ўскрайку Забароненага леса Лупцуючую вярбу...

Схаваўшыся ў цені дрэў, Гары азірнуўся навокал, праз імгненне да яго далучылася Герміёна, яна цяжка дыхала.

- Добра,- выдыхнула яна,- Цяпер трэба дабрацца да хаціны. Не трапь анікому на вочы...

Яны моўчкі прабеглі між дрэў, трымаючыся ўзлесся. Калі яны ўбачылі хаціну Хагрыда, у дзверы пастукалі. Гары і Герміёна хутка схаваліся за шырокім дубам і асцярожна вызірнулі з абодвух бакоў. Дзверы адчыніліся, і на парозе аб’явіўся Хагрыд, бледны і калоцячыся. Ён азірнуўся навокал, і тут Гары пачуў уласны голас.

- Гэта мы. Мы пад мантыяй-невідзімкай. Пусці нас, і мы яе здымем.

- Вы не вінны былі прыходзіць!- прашапатаў Хагрыд у адказ. Потым адышоў убок і хутка зачыніў дзверы.

- Гэта самы дзівосны ўчынак, які мы колісь рабілі,- палка прамовіў Гары.

- Давай пакрысе рухацца,- прашапатала Герміёна.- Нам трэба падысці як мага бліжэй да Бакбіка!

Яны крадком рушылі міма дрэваў, пакуль не заўважылі знэрваванага гіпагрыфа, што быў прывязаны да плота ля гарбузовых градак Хагрыда.

- Давай,- прашапатаў Гары.

- Не,- адказала Герміёна.- Калі мы вызвалім яго зараз, людзі з камітэта вырашаць, што Хагрыд адпусціў яго! Мы павінны дачакацца, калі яны прыйдуць і ўбачаць яго!

- Але тады нам застанецца не больш за шэсцьдзясят секунд,- адказаў Гары, бо падобнае, здавалася яму, амаль што немагчымым.

У гэты момант з хаціны адчуўся гук разбітага парцаляну.

- Хагрыд выпусціў з рук малочнік,- прашапатала Герміёна,- зараз я знайду Скаберса...

Вядома, праз колькі хвілін яны пачулі здзіўлены віск Герміёны.

- Герміёна,- раптоўна спытаўся Гары,- а што калі мы зараз уварвемся туды і скрадзем Пэцігру..?

- Ані,- зжахалася Герміёна.- ты што не разумееш? Гэта будзе парушэннем аднаго з важлівых чарадзейскіх законаў! Лічыцца, што ніхто не мае права змяняць час, ані! І ці ты памятаеш, што сказаў Дамблдор, калі нас убачаць...

- Хто, акрамя нас саміх і Хагрыда нас можа ўбачыць!

- Гары, а што б ты падумаў, калі пабачыў сябе самога, які ўрываўся ў хагрыдаву хату?- спыталася дзяўчынка.

- Я... я вырашыў бы, што з’ехаў з глузду.- адказаў ён.- Ці, што тварыцца штосьці звязанае з чорнай магіяй...

- Вядома ж! Ты нічога не зразумееш і, мачыма, паспрабуеш атакаваць сябе самога! Хіба ж гэта не відавочна? Прафесарка МакГонагал распавядала мне аб шмат якіх жахлівых выпадках, калі чараўнікі пыталіся ўмяшацца ў час... шмат хто з іх нават забіваў сябе самога ў будучым, ці мінулым...

- Добра!- адказаў Гары.- Гэта была толькі задума, я палічыў што...

Ён не паспеў скончыць, бо Герміёна штурхнула яго, паказаўшы на дзверы замка. Гары на колькі цаляў высунуў галаву з-за дрэва, каб лепей бачыць тое, што дзеіца ля галоўнага ўвахода. Па каменных прыступках спускаліся Дамблдор, Фадж, стары камітэтчык і кат Макнэйр.

- Зараз мы выйдзем надворак!- ледзь чутна прамовіла Герміёна.

І сапраўды, не мінула і хвіліны, як дзверы ў сад расчыніліся і адтуль у суправаджэнні Хагрыда выйшлі сам Гары, Рон і Герміёна. Без сумніву, такога адчування Гары не меў аніколі ў жыцці. Ён стаяў, схаваўшыся за дрэвам, і назіраў сябе самога сярод гарбузовых градак.

- Сё добра, Бікі, сё добра...- супакоіў гіпагрыфа Хагрыд, а потым развярнуўся да Гары, Рона і Герміёны.- Сё. Вам трэб сці.

- Хагрыд, мы не...

- Мы раскажам ім, што адбылося на самой справе...

- Яны не заб’юць яго...

- Сходзьце!! Не хпала шчэ, каб і вы траплі з-за мяне ў бяду!

Пасля чаго, Герміёна выцягнула з кішэні мантыю і, устаўшы сярод гарбузовых градак, накінула яе на сябе, Гары і Рона.

- Хутчэй сходзьце. Не слухце...

У дзверы пастукалі. Гэта прыбыла каманда па катаванні. Хагрыд развярнуўся і рушыў назад ў дом, пакінуўшы дзверы ў сад прыадчыненымі. Гары ўбачыў плямкі прымятай травы і пачуў, як адступілі тры пары ног. Ён, Герміёна і Рон адышлі... але цяпер ён з Герміёнаю маглі, праз прыадчыненыя дзверы, чуць тое, што адбываецца ў хаціне палясоўшчыка.

- Дзе жывёла?- спытаўся халодны голас Макнэйра.

- Там... звонк,- прахрыпеў Хагрыд.

Гары паспешліва схаваў галаву за дрэва, калі твар Макнэйра высунуўся ў вакно і паглядзеў на Бакбіка. Потым пачуўся голас Фаджа.

- Мы... эээ... Хагрыд, мы павінны прачытаць табе афіцыйнае апавяшчэнне аб пакаранні. Я зраблю гэта хутчэй. А потым ты і Макнэйр павінны будзеце яго падпісаць. Макнэйр, ты таксама павінен слухаць, такая працэдура...

Твар Макнэйра зноўку схаваўся за фіранкамі. Трэба было дзейнічаць ці зараз, ці ніколі.

- Чакай тут,- прашапатаў Гары Герміёне,- я сам усё зраблю.

Голас Фаджа пачуўся зноў. Гары выбег з-за дрэва, скочыў праз плот і наблізіўся да гіпагрыфа, які стаяў між гарбузовых градак.

“Згодна з пастановаю Камітэта па знішчэнні небяспечных істот, гіпагрыф Бакбік, які надалей будзе называцца асуджаным, павінен быць катаваны шостага чэрвеня на захадзе сонца...”

Імкнучыся не мыргаць, Гары наблізіўся да гіпагрыфа і зірнуў у яго разлютаваныя памаранчавыя вочы, а затым прыхіліў галаву. Бакбік прыўстаў на свае лускаватыя калені, а потым зноўку падняўся на ногі. Гары наблізіўся да яго і прыняўся важдацца з вяроўкай, якой таго прывязалі да плота.

“... праз адсячэнне галавы. Катаванне будзе здзейснена праз ката Вольдэна Макнэйра, прызначанага дзеля гэтага камітэтам...”

- Давай, Бакбік,- прамармытаў Гары,- мы прыйшлі дапамагчы табе. Хуценька...

- “...пра што той пацвердзіць пісьмова”. Хагрыд, а ты павінен падпісаць тут...

Гары з усяе моцы тузануў за вяроўку, але Бакбік усадзіў кіпцюры ў зямлю і не рушыў.

- Ну, давайце скончым гэта па-хуткаму,- адчуўся з хаціны пранізлівы голас старога камітэтчыка,- Хагрыд, я лічу, табе лепш будзе застацца ў хаце...

- Ні, я... я жадаю быць з ім... я не хачу, каб ён знаходзіў ў самоце...

З хаціны адчулася рэха крокаў.

- Бакбік, хадзема! - прасыкаў Гары.

Ён з усяе моцы пацягнуў за вяроўку, што была абвязана вакол шыі гіпагрыфа, і той паволі, раздражнёна грукочачы крыллем, рушыў наперад. Да Забароненнага леса заставалася дзесяць футаў, і іх цяпер было добра бачна з задніх дзвярэй хаціны.

- Калі ласка, адну хвіліну Макнэйр,- адчуўся голас Дамблдора.- Ты таксама павінен падпісацца. Крокі супыніліся. Гары мацней пацягнуў за вяроўку, Бакбік злосна пстрыкнуў дзюбай, але пайшоў троху хутчэй.

З-за дрэва высунуўся збялелы твар Герміёны.

- Гары, шпарчэй!- аднымі вуснамі прамовіла яна.

Гары ўсё яшчэ чуў голас Дамблдора ў хаціне. Ён узмацніў ціск на вяроўку і Бакбік неахвотна перайшоў на рысь. Яны дасягнулі ўзлесся...

- Хуценька! Хуценька!- прастагнала Герміёна, яна выскачыла з-за дуба, падбяжала да Гары і, схапіўшыся за вяроўку, таксама яе пацягнула. Дадатак вагі прымусіў гіпагрыфа рушыць яшчэ хутчэй. Гары азірнуўся, яны былі па-за межамі нечых вачэй, але таксама не маглі бачыць тое, што тварылася ў хагрыдавым садзе.

- Стой!- прашапатала Герміёна.- яны могуць пачуць нас...

Заднія дзверы з грукатам адчыніліся. Гары, Герміёна і Бакбік спыніліся, і нават гіпагрыф уважліва прыслухаўся.

Спачатку было ціха... А потым...

- Куды ён падзеўся?- спытаўся пранізлівы голас камітэтчыка.- Дзе жывёла?

- Ён быў прывязаны тут!- люта крыкнуў кат.- Я бачыў яго! Вось на гэтым вось месцы!

- Як незвычайна,- прамовіў Дамблдор, і ў яго голасе пралуналі ноткі захаплення.

- Бікі!- хрыпла прамовіў Хагрыд.

Адчуўся свіст сякеры. Напэўна, разлютаваны кат абрынуў яе на плот. Потым раздаўся Хагрыдавы вой, але на гэты раз яны маглі пачуць словы.

- Цёк! Цёк! Баславёна яго дзюбанька, ён ЦЁК! Пэўна, сам вызаліўся! Бікі, ты ж мой разумны хлапанятка!

Бакбік пачаў цягнуць за вяроўку, збіраючыся павярнуцца да Хагрыда. Таму Гары і Герміёне прыйшлося настолькі ўзмацніць ціск, што іх пяткі закапаліся ў глебу.

- Нехта развязаў яго!- зароў кат.- Мы павінны абшукаць тэрыторыю, лес...

- Макнэйр, калі гіпагрыфа сапраўды нехта скраў,- усё яшчэ захоўваючы ў голасе ноткі радасці, заўважыў Дамблдор,- няўжо ты лічыш, што злодзеі павядуць яго кудысь пешшу? Але калі жадаеш, можаш абшукаць неба... Хагрыд, ці не знойдзецца ў цябе кубачка гарбаты. Ці куфля брэндзі.

- Та... та вядома ж, прафесар,- адказаў Хагрыд, голас якога аж аслабеў ад шчасця,- Хадземць, хадземць...

Гары і Герміёна ўважліва прыслухаліся. Яны пачулі крокі, ціхія праклёны ката. Нарэшце запанавала цішыня.

- І што цяпер?- азіраючыся, прашапатаў Гары.

- Нам пакуль што прыйдзецца перасядзець тут,- адказала ашаломленая Герміёна.- Нам трэба дачакацца, пакуль яны не вернуцца да замку. І пакуль Бакбік зможа спакойна падляцець да Сірыюсава вакна. Гэта будзе не менш, чым праз дзве гадзіны... як усё гэта цяжка...

Яна нервова паглядзела праз плячо ў глыбіню леса. Сонца пакрысе хавалася за даляглядам.

- Нам трэба змяніць схованку,- задумліва прамовіў Гары.- Мы павінны добра бачыць Лупцуючую вярбу, альбо не будзем ведаць, што адбываецца.

- Балазе,- адказала дзяўчынка і зручней схапіла вяроўку, да якой быў прывязаны Бакбік.- Але памятай Гары, нас ніхто не павінен бачыць...

Яны зноўку пусціліся скрозь густы змрок па ўзлессі. Нарэшце сябры дасягнулі алейкі дрэў, з-за якіх можна было ўпотай назіраць за Вярбой..

- Глядзі, вунь Рон!- нечакана прамовіў Гары.

Праз траўнік бегла нейкая цёмная постаць, чый крык рэхам пранізаў начное паветра.

- Вэк ад яго... вэк... Скаберс, ходзь да мяне...

Потым аднекуль у паветры матэрыялізаваліся яшчэ дзве постаці. Гары ўбачыў, як ён з Герміёнаю пагналіся за Ронам, потым як Рон паваліўся на зямлю.

- Вось табе! Ідзі прэч, смярдзючы кот...

- Ага, а вось і Сірыюс!- сказаў Гары. З-пад каранёў Лупцуючай вярбы выскачыла постаць вялізнага сабакі. Ён сшыб на зямлю Гары і схапіў Рона...

- Адсюль усё выглядае яшчэ горш, як лічыш?- прамовіў хлопец, гледзячы, як сабака зацягвае Рона між каранёў.- Ай... глядзі, мяне толькі што шыбанула галінкай... цяпер цябе... як жа ўсё гэта ДЗІЎНА...

Лупцуючая вярба рыпела і атакавала іх сваім ніжнім галлём. Гары і Герміёна бачылі, як яны падчас спробы прабрацца да камля атрымліваюць адзін за другім моцныя ўдары дрэва. Раптам Вярба замерла.

- Гэта Крукшанс націснуў на вузел,- прамовіла Герміёна.

- Так, мы пайшлі...- замармытаў Гары.- Мы ў праходзе.

У той жа момант дрэва пачало рухацца ізноў. Праз колькі секунд яны адчулі паблізу ад сябе нечыя крокі. Дамблдор, Макнэйр, Фадж і стары камітэтчык вярталіся да хогвартскага замку.

- Адразу пасля таго, як мы трапілі ў праход!- прамовіла Герміёна.- А калі б толькі Дамблдор мог пайсці з намі...

- Макнэйр і Фадж пайшлі бы за ім, і б’юся ў заклад,- з’едліва адказаў ёй Гары,- што Фадж імгненна загадаў, бы Макнэйру забіць Сірыюса...

Яны глядзелі, як чацвёра мужчын рушылі да замка, а потым зніклі з іх вачэй. Колькі хвілін паблізу ад Вярбы нікога не было. І тут...

- А вось і Люпін!- прамовіў Гары. Яны ўбачылі, як нехта збягае па каменных прыступках ды імчыць да Вярбы. Гары паглядзеў на неба. Хмары цалкавіта засланялі месяц.

Падбегшы да дрэва, Люпін схапіў нейкую паламаную галінку і націснуў ёй на камель. Дрэва спынілася, і прафесар таксама знік ў шчыліне між карэння.

- Калі б ён захапіў з сабою мантыю,- прамармытаў Гары.- Яна ж ляжала на яго вачах...

Ён павярнуўся да Герміёны.

- Калі я зараз выскачу і забяру яе, Снэйп не зможа яе атрымаць і...

- Гары, НАС АНІХТО НЕ ПАВІНЕН БАЧЫЦЬ!

- Як ты толькі можаш вытрымаць гэта?- у адчаі спытаўся ён у Герміёны.- Як можна папросту стаяць і назіраць за тым, што творыцца?- Гары завагаўся.- Я пайду і забяру яе!

- Гары, НЕ!

Герміёна схапіла яго за вопратку, пацягнула назад і зрабіла гэта вельмі сваечасова. У наступнае імгненне паблізу грыманула песня. Гэта быў Хагрыд, ён крочыў да замка, спяваючы ва ўсё горла, яго злёгку віхляла. У руцэ палясоўшчыка гайдалася вялізная бутэлька.

- Бачыш?- прашапатала дзяўчынка.- Разумееш, што магло б здарыцца, калі б ён нас заўважыў? Мы павінны дзейнічаць ўпотай! Не, Бакбік!

Гіпагрыф адчайна спрабаваў вярнуцца да Хагрыда, Гары таксама моцна ўхапіўся за вяроўку, напружана стрымліваючы яго на месцы. Хагрыд, віхляючы нехлямяжа крочыў да хогвартскага замку. Потым ён знік з вачэй. Бакбік прыпыніў свае змаганні і сеў, маркотна апусціўшы дзюбу.

Не мінула і дзвюх хвілінаў, як дзверы галоўнага ўвахода зноўку адчыніліся, і з іх выскачыў Снэйп, ён паспяшаў да Вярбы.

Гары сціснуў кулакі, убачыўшы, як прафесар Снэйп затармазіў ля дрэва і ўважліва азірнуўся навокал. Ён убачыў на зямлі мантыю і падняў яе.

- Прыбяры ад яе свае брудныя рукі,- прагыркатаў сабе пад нос хлопец.

- Шшш!

Снэйп схапіў тую ж галінку, што да яго выкарыстоўваў Люпін, тыцнуў на сучок і, накінуўшы на сябе мантыю, знік.

- Ну вось,- ціха падагульніла Герміёна,- цяпер мы ўсе там... і застаецца толькі сядзець і чакаць пакуль мы вернемся...

Яна ўзялася за канец вяроўкі, што была прывязана за шыю Бакбіка і надзейна прымацавала яе да бліжэйшага дрэва. Потым села на сухую зямлю і абняла сябе за калені.

- Гары, я не разумею адно... чаму ў дэментароў не атрымалася схапіць Сірыюса? Я памятаю, як яны наблізіліся да нас, а потым я згубіла прытомнасць... іх было гэдак шмат...

Гары прысеў побач. Ён распавёў Герміёне, што бачыў на ўласныя вочы. Што калі бліжэйшы да іх дэментар, схіліўшыся, наблізіў да хлопца свой рот, нешта вялізнае і срэбнае праскакала па возеры і прымусіла дэментароў адступіць.

Калі Гары скончыў свой аповед, Герміёна сядзела, злёгку раскрыўшы рот.

- Але што гэта магло быць?

- Ёсць толькі адна рэч, якая магла прымусіць дэментароў адысці,- адказаў Гары,- сапраўдны магутны патронус.

- Але хто яго мог выклікаць?

Гары нічога не адказаў. Ён зноўку падумаў пра чалавека, якога бачыў на тым беразе возера. Гары лічыў, што ведае, хто гэта мог быць... але ж гэта немагчыма.

- Хіба ты не заўважыў, як ён выглядаў,- нецярпліва спыталася Герміёна,- Можа, гэта быў хтось з настаўнікаў?

- Не,- адказаў Гары,- гэта быў не настаўнік.

- Але ён павінен быць сапраўды наймагутным чараўніком, каб прымусіць дэментароў адступіць... Калі патронус быў настолькі яскравым, ён часам не асвятліў яго твару? Ці не бачыў ты каго..?

- Так, я яго бачыў,- павольна адказаў Гары.- А можа... толькі ўяўляў сабе, што бачыў. Мае думкі былі пераблытаны... і адразу пасля гэтага я згубіў прытомнасць...

- АЛЕ ХТО ТЫ ДУМАЕШ ГЭТА БЫЎ?

- Думаю...- Гары сглынуў сліну, разумеючы, што яго адказ буде гучаць вельмі дзіўна.- Думаю, гэта быў мой бацька.

Гары зірнуў на Герміёну. Яе дагэтуль прыадчынены ад здзіўлення рот цяпер расчыніўся поўнасцю. Дзяўчынка глядзела на яго адначасова з жахам і спагадай.

- Гары, твой бацька... ну... ён памёр,- ціха прамовіла яна.

- Так, я ведаю,- не губляючы спакою, адказаў хлопчык.

- Ты думаеш, гэта быў яго прывід?

- Не ведаю... не... у таго было цела...

- Але тады...

- Магчыма, мяне толькі трызніла,- адказаў Гары,- але... той, каго я бачыў... ён нагадаў мне... ну, я маю фотаздымак...

Герміёна ўсё яшчэ працягвала глядзець на яго так, бы непакоілася аб яго глуздзе.

- Ведаю, гэта ўсё гучыць так, бы я ашалеў,- рашуча прамовіў Гары. Ён павярнуўся ў бок Бакбіка, які калупаў сваёй дзюбаю зямлю, напэўна, шукаючы там чарвякоў. Але Гары толькі рабіў выгляд, што глядзіць на гіпагрыфа.

Насамрэч, ён разважаў аб сваім бацьку і яго старых сябрах... Лунаціку, Галахвосце, Мяккалапе і Рагачы... Вось бы ўсе чацвёра аказаліся сёння тут. Галахвост аб’явіўся перад ўсімі тады, калі ўсе лічылі, што ён памёр... дык чаму з яго бацькам не магло быць чагось падобнага? А што, калі там, на беразе возера, быў сапраўды ён? Канечне, той чалавек стаяў занадта далёка, каб выразна бачыць яго... але Гары быў упэўнены, што бачыў яго, за імгненне да таго, як страціць прытомнасць...

Па-над іх галовамі шамацела лістота, раздзьмутая лёгкім ветрыкам. Па небе плыла поўня, адчасу вызіраючы праз дзіры ў хмарах. Герміёна сядзела, павярнуўшы галаву ў бок Лупцуючай вярбы, і чакала.

Мінула ўжо больш за гадзіну...

- Мы вяртаемся!- прашапатала Герміёна.

Яна і Гары ўскочылі на ногі. Бакбік падняў сваю дзюбу. Разам яны назіралі, як Люпін, Рон і Пэцігру нязграбна выкарасківаліся праз адтуліну між вярбовых каранёў. Следам за імі выплыў, дзіўна лунаючы ў паветры, знепрытомлены Снэйп. Апошнімі праз адтуліну выйшлі Гары, Герміёна і Блэк. Усе разам яны накіраваліся ў бок замка.

Гарына сэрца хутка закалацілася. Ён зірнуў на неба. Вось-вось праз адтуліну ў хмарах павінен паказацца месяц...

- Гары,- прамармытала Герміёна, быццам здагадваючыся пра яго думкі,- мы павінны заставацца на месцы. Нас ніхто не павінен бачыць. Мы не ў стане зрабіць што-небудзь...

- Мы толькі зробім усё, каб не даць Пэцігру зноў уцячы,- спакойна прамовіў хлопец.

- Як ты спадзяешся адшукаць пацука ў цемры?-адрэзала Герміёна.- Мы не можам дапамагчы. І мы вярнуліся, каб уратаваць Сірыюса. Мы не павінны рабіць анічога больш!

- Ну, добра!

Месяц выслізнуў з-за хмараў. Дзесь ўдалечыні спыніліся маленечкія постаці. Потым сябры ўбачылі нейкае варушэнне...

- Люпін,- прашапатала Герміёна.- Ён пераварочваецца...

- Герміёна,- раптам сказаў Гары,- нам трэба спяшацца!

- Нам нельга! Я ўвесь час кажу табе...

- Ані куды не лезці! Але зараз Люпін пабяжыць ў лес, прама на нас!

Герміёна войкнула.

- Хуценька!- прастагнала яна і кінулася адвязваць Бакбіка.- Хуценька! Але куды нам ісці? Дзе мы будзем хавацца? Дэментары аб’явяцца тут з хвіліны на хвіліну...

- Назад да Хагрыда!- адказаў Гары.- Там цяпер анікога няма... шпарчэй!

Яны пабеглі так хутка, як маглі, а следам за імі галопам нёсся Бакбік. За сваімі спінамі, яны чулі выццё ваўкалака...

Хутка яны ўбачылі хаціну палясоўшчыка. Гары рвануў на сябе дзверы, прапусціў усярэдзіну Герміёну і Бакбіка, заскочыў сам і зачыніў за сабою дзверы. У хаціне забрахаў велізарны дог - Фанг.

- Цішэй, Фанг,- прамовіла Герміёна і паспяшалася, каб пачухаць сабаку за вушамі,- гэта мы! Гары,- звярнулася яна да хлопца,- ён быў настолькі блізка ад нас!

- Так...

Гары выглянуў у акно, але даволі складана было зразумець, што там адбываецца. Бакбік быў шчаслівы зноўку вярнуцца ў халупу. Ён выцягнуўся перад комінам, у задавальненні склаў крылы і, здавалася, быў гатовы даць добрага храпака.

- Мяркую, што мне трэба зноў выйсці на двор,- павольна сказаў Гары.- Я не бачу таго, што адбываецца... і нам будзе цяжка зразумець, калі прыйдзе час...

Герміёна падняла галаву. Яна з недаверам паглядзела на хлопца.

- Я не буду спрабаваць умешвацца,- хутка прамовіў ён, - Але, як мы інакш даведаемся, што адбываецца і даведаемся аб тым, што надышоў час ратаваць Сірыюса?

- Так... ну добра... Я пасяджу тут з Бакбікам... Але, Гары, будзь асцярожны... там ваўкалак... і дэментары...

Гары выслізнуў на двор і абышоў хаціну. Недзе здалёк ён пачуў нейкія ляманты. Дэментары ўжо набліжаліся да Сірыюса... і хутка да яго павінны былі падбегчы ён і Герміёна...

Гары зірнуў у бок возера, яго сэрца здавалася, збіраецца выстукваць у яго грудзях пошчак. Той, хто даслаў Патронуса, павінен быў аб’явіцца ў любы момант.

Дзелю секунды ён нерашуча стаяў ля хагрыдавых дзвярэй. “ Цябе ніхто не павінен бачыць ”. Але Гары не жадаў, каб хтось убачыў яго. Ён сам жадаў бачыць... ён жадаў ведаць...

Дэментары былі ўжо там. Яны адусюль аб’яўляліся з цемры і слізгалі па азёрным беразе... супрацьлеглым ад таго, дзе зараз стаяў Гары... яму не прыйдзецца праходзіць скрозь іх...

Гары не мог думаць ні пра што, акрамя бацькі... А калі гэта быў ён... сапраўды быў ён... Хлопчык павінен ведаць гэта, павінен усё высветліць...

Возера было ўсё бліжэй, але не было аніякіх прыкмет таго, што там нехта быў. На тым беразе ён бачыў малюткія выбліскі срэбра... ад яго ўласных спроб выклікаць Патронуса...

Гары ўбачыў куст, што рос на самым беразе. Ён кінуўся да яго і вызірнуў праз лістоту. На процілеглым беразе зніклі апошнія срэбныя выбліскі. Хлопца працяла жахлівае хваляванне... з хвіліны на хвіліну...

- Давай жа!- мармытаў ён, углядаючыся ў цемру.- Ну дзе ты ёсць? Давай, тата...

Але ніхто так і не аб’явіўся. Гары глянуў на кола дэментароў, што згруджалася на іншым беразе возера. Адзін з іх спусціў з галавы каптур. Надышоў час аб’явіцца ратавальніку... але на гэты раз ніхто не прыйшоў ім на дапамогу...

І тут нечакана... Гары ўсё зразумеў. Ён бачыў зусім не свайго бацьку... Ён бачыў сябе самога...

Гары скочыў з-за куста і выцягнуў сваю палачку.

- ЭКСПЕКТА ПАТРОНУМ!- пралямантаваў ён.

З кончыка палачкі выбліснула срэбра. Але цяпер гэта была не бясформенная хмарка, а бліскучая, асляпляльна бліскучая срэбная жывёла. Гары прыжмурыўся, спрабуючы разглядзець, што гэта. Істота нечым нагадвала каня. Яна моўчкі прыпусціла ад яго галопам па паверхні возера. Хлопчык заўважыў, як Патронус, схіліўшы галаву, кінуўся на натоўп дэментароў... ён кружляў і кружляў міма гэтых чорных зданяў, і яны, знікаючы сярод цемры... адыйшлі прэчкі.

Патронус вяртаўся. Ён зноў нёсся па паверхні вады, але на гэты раз да Гары. І гэта быў не конь. І нават не аднарог. Гэта быў алень. Ён блішчэў, бы поўня ў небе... і ён павяртаўся да яго...

Алень спыніўся на беразе. Ён біў капытамі па мяккай глебе, не пакідаючы на ёй слядоў, і глядзеў на Гары сваімі вялізнымі срэбнымі вачыма. Патронус павольна схіліў сваю рагатую галаву. І тут хлопец ўсё зразумеў...

- Рагач,- прашапатаў ён.

Але, як толькі ён дакрануўся да жывёлы сваімі дрыготкімі пальцамі, алень знік.

Гары застаўся стаяць, выцягнуўшы руку. Раптам яго сэрца шалёна закалацілася, бо за сваёй спіной ён адчуў тупат капытоў... ён развярнуўся і ўбачыў Герміёну, якая спяшалася да яго, цягнучы за сабою Бакбіка.

- Чым ты займаўся? - люта спыталася яна.- Ты сказаў, што пойдзеш толькі паглядзець!

- Я толькі што выратаваў нам жыццё...- адказаў Гары.- Ходзь сюды... за куст... я растлумачу.

Герміёна слухала аповед Гары, і яе рот ад здзіўлення зноў раскрыўся.

- Цябе хтось бачыў?

- Ты што мяне не слухала? Я сам сябе бачыў, але прыняў за бацьку! Усё добра!

- Гары, я не магу паверыць у гэта... ты змог выклікаць Патронуса, які адагнаў усіх гэтых дэментароў! Гэта ж най-найвышэйшая магія...

- Я ведаў, што атрымаецца,- адказаў Гары,- бо ўжо рабіў гэта... разумееш пра што я?

- Ну не ведаю... Гары, паглядзі на Снэйпа!

Яны высунуліся з-за куста і паглядзелі на другі бераг возера. Снэйп ужо апрытомнеў. Ён начараваў насілкі і падняў на іх постаці Гары, Герміёны і Блэка. Чацвёртыя насілкі, якія ўжо плылі ў паветры паблізу ад яго, без сумніву неслі на сябе Рона. Потым сваёй палачкай ён пусціў іх перад сабою і накіраваўся разам з імі да замку.

- Так, амаль што час,- напружана прамовіла Герміёна, зірнуўшы на гадзіннік.- Мы маем каля сарака пяці хвілінаў перш, чым Дамблдор зачыніць дзверы нашай палаты. Гэтага хопіць, каб выратаваць Сірыюса і вярнуцца назад перш, чым хтось зразумее, што мы адсутнічалі...

Яны прыняліся чакаць, назіраючы, як па возеры плывуць люстраванні хмарак, і слухаючы, як пад ветрыкам нешта шапоча куст, за якім яны хаваліся. Бакбік, знудоціўшыся, зноў прыняўся калупаць чарвей.

- Думаеш, ён ужо там?- спытаўся, гледзячы на гадзіннік, Гары. Ён падняў галаву на замак, адлічваючы вокны ў Заходняй вежы.

- Глядзі!- прашапатала Герміёна.- Хто гэта? Хтось выйшаў з замка!

Гары пачаў углядацца ў цемру. Нейкі мужчына спяшаўся да аднаго з выхадаў фальварка. За яго пасам нешта блішчэла.

- Гэта Макнэйр!- адказаў Гары.- Кат! Ён ідзе па дэментароў! Герміёна, час...

Дзяўчынка паклала свае рукі на Бакбіка, і Гары, падставіўшы рукі, дапамог ёй падняцца на спіну гіпагрыфа. Потым, абапёршыся нагой на адну з ніжніх галінак куста, хлопчык падняўся сам і сеў на Бакбікаву спіну перад Герміёнаю. Падцягнуўшы вяроўку, ён прывязаў яе з іншага боку аброжка, нібы лейцы.

- Гатова?- шэптам спытаўся ён у Герміёны.- Табе лепш трымацца за мяне...

Ён штурхануў гіпагрыфа пяткамі па баках.

Бакбік хутка ўзмыў у цемру. Гары сціснуў яго бакі каленямі і адчуў, як перад ім уздымаюцца і апускаюцца вялізныя магутныя крылы жывёлы. Герміёна вельмі моцна сціснула яго за талію, і хлопец адчуў, што яго пачало нудзіць.

- Вой, не... мне гэта не падабаецца... вох, мне гэта сапраўды недаспадобы...

Гары прыпусціў гіпагрыфа. Яны павольна падняліся да верхніх паверхаў замку... Гары пацягнуў за левы бок вяроўкі, і Бакбік развярнуўся. Хлопчык спрабаваў палічыць вокны, што мільгалі міма...

- Тпруу!- загадаў ён, з усяе моцы пацягнуўшы лейкі на сябе.

Гіпагрыф запаволіў рух, спыніўся на месцы і толькі працягваў падымацца і апускацца на фут-другі, каб заставацца ў паветры.

- Ён там!- прамовіў Гары, глянуўшы ў акно, перад якім яны спыніліся і знайшоўшы там Сірыюса. Гары выцягнуў руку і, калі Бакбік апусціў крылы, каротка стукнуў у шкло.

Блэк падняў галаву. Хлопчык убачыў, як у таго адпала сківіца. Ён ускочыў з крэсла, на якім сядзеў і, падбегшы да вакна, паспрабаваў адчыніць яго, але яно было закрыта.

- Пасунься!- клікнула Герміёна і, працягваючы трымацца за Гары левай рукой, правай дастала палачку.

- Алагамора!

Акно нечакана адчынілася.

- Што... як..?- слабым голасам вымавіў Блэк, вытарапіўшыся на гіпагрыфа.

- Забірайся... у нас няма часу.- сказаў Гары, шчыльна, абедзвума рукамі сціскаючы Бакбіка за гладкую шыю, каб стрымаць яго на месцы.- Табе трэба цікаць адсюль... Хутка тут будуць дэментары... Макнэйр ужо пайшоў за імі.

Блэк схапіўся абедзвума рукамі за аконную раму і высунуў праз яе галаву і плечы. Яму пашанцавала, што ён быў настолькі схуднелым. У лічаныя секунды ён паставіў сваю нагу на спіну гіпагрыфа і праз імгненне ўжо сядзеў ззаду Герміёны.

- Добра, Бакбік,- крыкнуў Гары, штурхануўшы за вяроўку,- давай наверх, на вежу!

Гіпагрыф узмахнуў сваімі магутнымі крыламі, яны зноў рэзка ўзняліся ў паветра і хутка былі ўжо на даху Заходняй вежы. Бакбік з грукатам прызямліўся, і Гары з Герміёнаю адразу саслізнулі з яго спіны.

- Сірыюс, тебе лепш паспяшацца,- запыхаўшыся, прамовіў хлопец.- Яны ў любы момант могуць зайсці ў кабінет прафесара Флітвіка і ўбачыць, што ты збег.

Бакбік пашкроб дах і рэзка ўскінуў галаву.

- А што з тым хлопцам... Ронам?- хутка спытаўся Сірыюс.

- З ім ўсё будзе балазе... зараз ён у цяжкім стане, але мадам Помфры кажа, што вылекуе яго. Давай... паспяшайся!

Аднак Блэк працягваў глядзець на Гары.

- Як я магу аддзячыць...

- ЦЯКАЙ УЖО!- разам крыкнулі Гары і Герміёна.

Блэк развярнуў гіпагрыфа дзюбай да адкрытага неба.

- Мы яшчэ пабачымся,- прамовіў ён.- Гары... ты сапраўдны сын свайго бацькі...

Сірыюс стукнуў пяткамі па баках гіпагрыфа. Гары з Герміёнаю адскочылі, калі Бакбік зноўку расправіў свае крылы... Ён узмыў у паветра... Гіпагрыф і яго вершнік пакрысе станавіліся ўсё менш і менш і, нарэшце, іх закрыла хмарамі, якія плылі вакол месяца... Сірыюс і Бакбік адляцелі прэчкі.

 

— РАЗДЗЕЛ XXII —

 


1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |

Поиск по сайту:



Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав. Студалл.Орг (0.068 сек.)